НАВУКО́ВАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (НАП),

працэс удасканальвання арганізацыі працы на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі з мэтай аптымізацыі яе ўмоў і вынікаў.

Пачынальнік укаранення НАП і кіравання — амер. інж. Ф.Тэйлар (гл. Тэйларызм). Рас. філосаф А.А.Багданаў вылучыў у 1912 ідэю стварэння навукі аб агульных законах арганізацыі — тэкталогію, якая пазней была развіта ў канцэпцыях НАП. Ініцыятар і арганізатар НАП у СССР — эканаміст А.К.Гасцеў, які ў 1920—38 узначальваў Цэнтр. ін-т працы. У СССР дзейнічала дзярж. сістэма планавання НАП і дзярж. стат. справаздачнасць прадпрыемстваў аб выкананні планаў, створаны ўсесаюзныя, галіновыя і рэсп. цэнтры НАП.

Асн. кірункі практычнай дзейнасці па ўкараненні НАП: удасканальванне форм падзелу і кааперацыі працы на прадпрыемствах, паляпшэнне арганізацыі і абслугоўвання прац. месцаў, рацыяналізацыя прыёмаў і метадаў працы, падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, рацыяналізацыя рэжымаў працы і адпачынку, выкарыстанне матэрыяльных стымулаў. Пры распрацоўцы і ўкараненні НАП выкарыстоўваюцца дасягненні сацыялогіі, агульнай і інж. псіхалогіі, фізіялогіі і гігіены працы, эрганомікі, тэхн. эстэтыкі і інш.

В.В.Філіпава.

т. 11, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)